ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст. брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
В.С.Болбас.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)